ЗIН


Мапы  
01.09.2025


ФАРТЫ – “жалезнае кальцо” як унікальная адметнасць Познані


Форт VI


POZNAN.gmroom.org працягвае прэзентацыю новых мап, якія паказваюць падборкі ўнікальных месцаў у горадзе. Другая мапа прысвечана манументальнай "Крэпасці Познань", дзе можна адкрыць для сябе гісторыю ваеннай архітэктуры і ўбачыць, як знакамітае "жалезнае кальцо" назаўжды змяніла ландшафт і лёс горада




Будаўніцтва знешняга кальца фартоў, пра якое ідзе гаворка, вялося ў 1876–1886 гадах. Ідэя заключалася ў стварэнні магутнага абарончага пояса на адлегласці некалькіх кіламетраў ад цэнтра горада, здольнага вытрымаць абстрэл дальнабойнай артылерыі. Кальцо мела працягласць каля 30 км і складалася з 18 фартоў: 9 галоўных і 9 прамежкавых, а таксама сотняў пяхотных і артылерыйскіх сховішчаў.

Схема размяшчэння фартоў на карце Познані


Крэпасць Познань была адной з найбуйнейшых і самых сучасных крапасных сістэм у Еўропе напрыканцы XIX – пачатку XX стагоддзя. Пасля таго як Познань (ням. Posen) увайшла ў склад Прусіі, горад стаў стратэгічна важным пунктам на ўсходняй мяжы Германскай імперыі, прызначаным для стрымлівання Расійскай імперыі.

Крэпасць Познань на карце з 1862 года


Фарты будаваліся паводле апошняга слова ваеннай інжынерыі таго часу: масіўныя цагляныя і бетонныя казематы былі прыкрытыя тоўстым пластом зямлі, што рабіла іх амаль непаражальнымі для артылерыі. Аднак развіццё ваеннай тэхнікі ішло так хутка, што на пачатак Першай сусветнай вайны фарты ўжо лічыліся часткова састарэлымі.

Форт III (Gröber)


У ваенных дзеяннях крэпасць практычна не ўдзельнічала. Падчас Першай сусветнай вайны яна служыла тылавой базай і навучальным цэнтрам. Ключавую ролю фарты адыгралі падчас Велікапольскага паўстання (1918–1919), калі яны былі амаль без бою захопленыя палякамі, што забяспечыла паўстанцам велізарную колькасць зброі і боепрыпасаў. У гады Другой сусветнай вайны немцы выкарыстоўвалі некаторыя фарты ў трагічных мэтах, у першую чаргу Форт VII, які стаў першым канцэнтрацыйным лагерам на тэрыторыі Польшчы.

Паштоўка Леана Праўзінскага, прысвечаная захопу фартоў Познані велікапольскімі паўстанцамі


Пасля вайны фарты канчаткова страцілі ваеннае значэнне. Сёння яны з'яўляюцца ўнікальнымі помнікамі ваеннай архітэктуры, якія захаваліся ў розным стане і служаць напамінам пра бурную гісторыю горада.

Fort Poznań – event-прастора


ГЛЯДЗЕЦЬ ФАРТЫ


Тэкст: Георгій Мінец